Год гістарычнай памяці ў нашай установе адукацыі праходзіць цікава і насычана. Для выхаванцаў праводзіцца шмат мерапрыемстваў, многія з іх з удзелам бацькоў.
А самым яркім момантам стала стварэнне і адкрыццё музея “Беларуская хата”. Ён створаны для таго, каб дапамагчы дзецям пазнаць мінулае, расказаць і паказаць дзецям, як жылі нашы продкі.
У музеі размешчаны вырабы з лёну, дрэва, саломы і гліны, прылады працы і хатнія рэчы.
Стваральнікі музея імкнуліся перадаць самабытнасць і каларыт беларускай хаты, месца, дзе чалавек праводзіў сваё жыццё, таму звярнулі ўвагу пры афармленні на такія рэчы, як “чырвоны кут” - галоўнае месца ў хаце, у якім вешалі абразы і ў куце ставілі стол. “Бабін кут” - майстэрня гаспадыні ў зімовыя часы. У музеі размешчаны вокны з выявамі выцінанак. Тут і люлька - сімвал нараджэння новага пакалення, печ - карміцелька і лекар, хлебная дзежа - сімвал дастатку і дабрабыту.